"Можа таму і памірае ад настальгіі (самай чорнай і самай сьветлай хваробы) чалавек, які пры жывой радзіме топча чужыя травы, лашчыць чужыя кветкі, чуе чужую мову ад сваіх дзяцей"
"Краіна не можа быць незалежнай, калі ў яе афіцыйным жыцці пануе чужая мова. Чужая мова несумяшчальная з дзяржаўным суверэнітэтам, ёсць самая магутная зброя ў барацьбе з нацыянальнай ідэнтычнасцю, этнакультурнай спецыфікай Беларусі"
"Выціскаючы беларускую мову з школы, мы хілім да растраты вынікаў велізарнай, шматвяковай духоўнай працы цэлага народа, збіваем думку дзіцяці з натуральных псіхалагічных сцяжынак і груба абцінаем ягоны душэўны свет"
"Нацыянальнасведамая частка грамадства наіўна кідаецца ў спрэчку наконт пераваг дзвюх граматык – Тарашкевічавай і наркомаўкі, дыскутуючы аб разыходжанні ў трактоўцы мяккасці падвоеных зычных, а ў той час камуністычныя ўлады прыбіраюць пад сваю апеку ўвесь друк, маючы на мэце канчаткова ўсталяваць расейскае аднамоўе... сацыялагічныя інстытуты і агенцтвы, што сядзяць на ўтрыманні ўрада, і ў любы момант з высмактанымі з пальцаў лічбамі могуць даказаць, што беларусы – супраць беларускай мовы, а КПБ – самая папулярная сярод іх партыя..."
"Я катэгарычна супраць трасянкі. Яна — пераходная ступень да поўнай ліквідацыі беларускай мовы... Трасянка — зьява пачварная, іншай ацэнкі быць ня можа"
"Сённяшні гаротны стан беларускай мовы - гэта не вынік выпадковага збегу якіх-небудзь неспрыяльных акалічнасцяў, гэта і не натуральная асіміляцыя ці добраахвотнае вырачэнне людзьмі свайго роднага слова. Тое, што і раней і зараз нас так моцна хвалюе ў мове, - гэта вынік дзе тонка прадуманай, а дзе проста сама непрыхаванай, грубай дыскрымінацыі самой дзяржавай законных правоў беларускага народа на выкарыстанне матчынага слова ва ўсіх сферах свайго грамадскага жыцця."
"Далейшай трансфармацыi беларусаў у безнацыянальную, безаблiчную масу неабходна як мага хутчэй пакласцi канец. Дзякуй Богу, яшчэ не ўсё канчаткова страчана. Але хутка нас могуць залiчыць да рускiх. Такое немiнуча адбудзецца, калi i надалей пры маўклiвай згодзе беларусаў дзяржавай будзе праводзiцца мэтанакiраваная палiтыка русiфiкацыi. Здаровыя колы беларускага грамадства павiнны згуртавацца i рашуча выступiць супраць пераўтварэння насельнiцтва краiны ў нешта “прамежкавае”. I беларуская зямля пераўтворыцца ў тыповую рускую культурна-моўную правiнцыю, насельнiцтва якой будзе называць сябе рускiм, да чаго так iмкнуўся ў другой палове XIX ст. стаўленiк царскiх улад на пасадзе вiленскага генерал-губернатара Мiхаiл Мураўёў."
"Сапраўды незалежнай Беларусь можа стаць толькі тады, калі будзе мець у корані адрозную ад Расіі культурна-моўную прастору, адметныя ад свайго ўсходняга суседа нацыястваральную дзяржаўную палітыку, нацыянальнае аблічча базавага, тытульнага народа краіны"
"Этап, у якім жывём сёньня, самы пагрозьлівы для нашага народу. Ніколі яшчэ мы не былі так блізка да этнічнага скону, як сёньня."
"Усё, што свядома рабіла і робіць вертыкаль кіраўніка дзяржавы па сціранні культурна-моўных адрозненняў паміж беларускім і рускім народамі на карысць апошняга — гэта не проста памылка, а паводле ўсіх сваіх параметраў сапраўдная нацыянальная здрада, паколькі ў такой сітуацыі нельга забяспечыць краіне фактычную дзяржаўную незалежнасць. Калі ж рэальнасцю стане супольная з Расіяй Саюзная дзяржава, Беларусі са сваім татальна зрусіфікаваным тытульным народам нязначна лепш будзе жыць, чым выкінутай з вады на бераг рыбе"
"Ніводная тытульная нацыя не толькі саюзных, але і аўтаномных рэспублік не панесла ад дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі такіх вялізных этнічных стратаў, як беларуская"
"БССР, як недасканаламу, непаўнапраўнаму палітычнаму суб’екту СССР, мы абавязаны паўторным узвядзеннем у нашым краі з 1929 года прыгоннага права ў фармаце калектыўнай сельскай гаспадаркі (калгасы), што зрабіла нас не толькі беднымі матэрыяльна, але і істотна падарвала, аслабіла этнакультурны патэнцыял нашага народа, аслабіла сілы яго супраціву русіфікацыі"
"Калі ж сёння беларусы ў непараўнальна большай ступені нагадваюць рускіх, чым на час скону СССР, дык за гэта трэба «дзякаваць» дарэшты адарваным ад базавых для нашай зямлі культурна-моўных традыцый архітэктарам, ідэолагам нацыянальнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і ў першую чаргу яе кіраўніку"
"Для нас, беларусаў, слова «вызваленне» і сёння мае надзвычай важнае значэнне. Ці ж гэта, скажам, не актуальна, вызваліцца з-пад руйнавальнага ўздзеяння «Русского мира» на этнакультурную самабытнасць нашай нацыі?"
"На працягу ўсяго часу існавання Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі нацыянальнае жыццё нашага народа не было такім страшэнна пакалечаным, абяскроўленым, бесперспектыўным, як сёння"
"Уладныя структуры ў найважнейшай сферы жыццядзейнасцi свайго народа — культуры — мэтанакiравана праводзяць русiфiкатарскую палiтыку"