Андрэй Волян
"Ва ўмовах адсутнасці свабоды разумовыя і фізічныя задаткі не могуць належным чынам выканаць сваё прызначэнне і ашчаслівіць чалавека"
"Чалавек, не абазнаны ў мудрасці, не здольны як след распарадзіцца і сваім багаццем"
"Падпарадкоўвайце свае жаданні загадам розуму"
"Вельмі добра, калі чалавек спалучае ў сабе жвавасць дасціпнага розуму і цвёрдую непахіснасць волі"
"Прыслухоўвайцеся больш да чужых словаў, а не да свайго славаслоўя"
"Нікчэмны той, хто бачыць, як нехта чужы дае яго жонцы тое, чаго не даў ён сам"
"Здаровы сэнс вучыць, што ў шлюбе трэба старанна і рупна дбаць пра душэўную чысціню"
"Калі ты будзеш лайдаком і не прыкладзеш вялікага намагання і працы, каб узгадаваць і ўзрасціць закладзенае ў цябе зерне, то замест добрага плёну атрымаеш адзін чартапалох. Талент, які тоіцца ў чалавеку, падобны да іскаркі. Падзьмеш, падкладзеш распалу – і загарыцца яна яркім полымем. А перастанеш дбаць і клапаціцца пра сваю іскарку – давядзеш да таго, што яна ніколі ўжо не засвеціць"
"Справядлівасць патрабуе сумленна жыць, нікому не чыніць шкоды, кожнаму аддаваць тое, што яму належыць па праве, за добрыя справы ўзнагароджваць, а за дрэнныя – караць"
"Гнеў – ён ёсць нішто іншае як прыкмета слабавольнасці, пры якой для ўзважанай памяркоўнасці няма месца"
"Слава продкаў служыць патомкам як светач. Яна не дазваляе рабіць употай ні добрае, ні дрэннае"
"Падабенства звычак, інтарэсаў мацней яднае тых, хто мілы адзін аднаму сэрцам"
"Я сцвярджаю не тырана, а караля, які будзе абараняць законы і звычаі нашага народа, а не кіравацца сваімі асабістымі капрызамі, клапаціцца толькі пра сябе і прыносіць шкоду пажытку паспалітаму, народнай справе (1573)"
"Калі знатны нашчадак аказваецца гультаём і лодырам, калі ён загразае ў распусце і блудзе, то вядомасць продкаў не толькі не дапамагае яму, а наадварот – выкрывае і высвечвае яго ліхія ўчынкі тым выразней, чым ярчэйшаю была слава яго бацькоў і дзядоў"
"Шмат хто, папускаюцы сваім жаданням і жарсцям, не вытрымлівае ўмеркаванасці, якой патрабуе прырода. І тады асалода, прызначаная на ўмацаванне цела, нясе яму гібель"
"Калі мы хочам зберагчы наша грамадства, мы павінны з дапамогай законаў стрымаць тых ненасытных, якія ператварыліся ў рабоў раскошы і марнатраўства"
"Умеркаванасць ёсць калі не крыніцай, то ахавальніцай і аздобай усякай чалавечае вартасці"
"П’яныя напоі шкодзяць не толькі прапойцам, але і ўсяму грамадству"
"Паміж жыццём чалавечым і жыццём звяроў ёсць розніца. Звяры забяспечваюць сваё існаванне сілай, і таму іх баяцца слабейшыя. Людзі ж з дапамогай законаў ствараюць грамадзянскую супольнасць, у якой моцныя і слабыя, багатыя і бедныя маюць аднолькавы прававы статус. Калі ж роўнасць у статусе тым ці іншым спосабам парушаецца, то няхай ніхто не грэе надзеі, што такая супольнасць будзе трывалай і даўгавечнай"
"Нікчэмныя людзі замест існых каштоўнасцяў ганяюцца за іх ценямі"
"Калі за нязначнае правапарушэнне і сур’ёзнае злачынства прадугледжваецца аднолькавае пакаранне, то ад справядлівасці не застаецца нічога"
"Дзе ёсць несправядлівыя законы, там ёсць і прадажныя суды"
"Усялякая празмернасць ператвараецца ў загану"
"Цвёрдасць волі азначае здольнасць асобы не паддавацца ніякім мольбам і просьбам, ніякім запалохванням і пагрозам мацнейшых, якія хацелі б перашкодзіць законнаму правасуддзю"
"Суддзя пры разумным асэнсаванні справы павінен заўсёды кіравацца прынцыпамі дабра і справядлівасці, не пераступаць межы правасуддзя і праз гэта апошняе не ператвараць найвышэйшы закон у найвышэйшую несправядлівасць"
"Запазычваць непрыстойныя, нізкія норавы нам не варта"
"Мэта законаў – гарантаваць чалавеку спакойнае валоданне ўласнасцю і абараніць яго ад несправядлівасці"
"Калі свабода нам дарагая, дык будзем карыстацца ёю памяркоўна. Іначай, неабмежаваная свабода можа ператварыцца ў сваю процілегласць, то бок у рабства"
"Кароль павінен рабіць толькі тое, што прадугледжвае ці патрабуе закон – вярхоўны ўладар як над грамадзянамі, так і над манархам"
"Вартае найчасцей і спараджаецца вартым"
"Свабода ўласцівая самой чалавечай прыродзе і ніхто не нараджаецца рабом"
"Свабода кожнага будзе забяспечана дастаткова, калі законы ў грамадстве прымусяць людзей жыць так, каб ніхто нікому не шкодзіў"
"Свабода заўсёды мае на мэце высакародныя ўчынкі і заўсёды спалучаецца са станоўчым ладам мыслення"
"Суровасць пакарання мусіць адпавядаць цяжкасці злачынства. Калі ж пакаранне аказваецца суровейшым за віну злачынцы, то гэта жорсткасць, а калі лягчэйшым, то самавольства. Як адно, так і другое нельга назваць справядлівасцю"
"Калі грамадства дазваляе чалавеку не зважаць на закон і рабіць усё, што кожны хоча, яно гэтым самым патурае прыхамаці і сваволі мацнейшых і нясе рабства згалелым і нямоглым"