"Нікому іншаму, як агульнасаюзнаму цэнтру ў Маскве, Беларусь абавязана вядомай усяму свету па сваіх цяжкіх наступствах тэхнагеннай катастрофай на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Усё гэта лішні раз сведчыць, як важна кожнаму народу, у тым ліку і беларускаму, быць сапраўдным гаспадаром на сваёй зямлі"
"БССР, як недасканаламу, непаўнапраўнаму палітычнаму суб’екту СССР, мы абавязаны паўторным узвядзеннем у нашым краі з 1929 года прыгоннага права ў фармаце калектыўнай сельскай гаспадаркі (калгасы), што зрабіла нас не толькі беднымі матэрыяльна, але і істотна падарвала, аслабіла этнакультурны патэнцыял нашага народа, аслабіла сілы яго супраціву русіфікацыі"
"Так бедна, як савецкія беларусы, не жылі іх суседзі — літоўцы і латышы. І так не жылі таму, што не ўваходзілі ў склад першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы СССР. Не зведалі такой нішчымніцы і нашы суродзічы з Другой Рэчы Паспалітай, не гаворачы ўжо пра саміх палякаў."
"Да сёння застаюцца незабытымі ў памяці напалову разабраныя ўзімку 1938/39 года стрэхі крытых саломаю хлявоў. «Распранулі» ж іх дзеля таго, каб гэтай састарэлай, неспажыўнай з-за працяглага часу знаходжання пад сонцам, снегам і дажджом саломай карміць галодную жывёлу"